Комментарии
Сямён Печанко

«Плодзяць халуйства на нашай зямлі». Чаму ўлады адмаўляюць Геніюш у рэабілітацыі

Адказ можна адшукаць у вершах паэткі, якія і праз паўстагоддзя не згубілі актуальнасці.

Улады ў чарговы раз адмовілі ў пасмяротнай рэабілітацыі паэткі Ларысы Геніюш. Многіх абурыла фармулёўка Вярхоўнага суду, які сёлета апелюе да пастановы 1999 года: тады Геніюш адмовілі ў рэабілітацыі за «аказанне дапамогі міжнароднай буржуазіі» і «удзел у антысавецкіх арганізацыях».

Але ці варта дзівіцца таму, што сённяшнія суды працягваюць апеляваць да крымінальных артыкулаў БССР узору 1928 года?

Напэўна, не. У краіне, дзе міністр унутраных спраў з гонарам выходзіць на публіку ў форме савецкіх чэкістаў, падобныя апеляцыі не павінны здзіўляць.

У краіне, чый нязменны кіраўнік дзеліць дзяцей на «нашых сапраўдных» і «дзяцей з пятай калоны», адмова ў рэабілітацыі вязню ГУЛАГа на падаставе сталінскіх законаў — не павінна шакаваць.

Пасля перажыванняў праваслаўнага мітрапаліта з-за таго, што ўслед за знявагай памяці Мікалая ІІ можа прыйсці чарга ягонага фактычнага забойцы Леніна, навіну пра Геніюш язык не паварочваецца назваць маразмам.

Улады метадычна адмаўляюць Геніюш у рэабілітацыі, бо яе вершы і праз паўстагоддзя не губляюць сваёй актуальнасці.  

К чорту гарэлку, шэйкі і твісты,

Юную голаў хлусьнёю кружыць!

У сэрца народу скірованы выстрал,

Жыць яму заўтра, альбо ня жыць…

 

Мовай не нашай заплавілі горад,

Ціхіх сялянак не лічаць людзьмі,

Нельга ўлівацца ў чужацкае мора

Юнасцю нашай, крывёю, дзяцьмі.

 

Нельга. Мы ўдома свае, а не сведкі.

Няпрошана злыдні абселі сталы,

Кідаюць «з ласкі» свае нам аб’едкі,

Плодзяць халуйства на нашай зямлі.

 

Мы — стража ля нашай народнай калыскі.

Вораг суровы і лёс наш круты,

У нас за плячыма крычаць абеліскі,

З крыўдаю ў сэрцы падходзяць браты.

 

Мы сёння лёсу Радзімы зарука,

Выканаць нам, што бацькі не змаглі.

У нас запытаюць з дакорам унукі

Аб волі, аб мове радзімай зямлі.

 

Сёння ж на пласе родная мова,

Вырваць жывую належыць з агню,

Слова «кахаю» — слабае слова,

Мужнае слова — абараню!

14.09.1968

Чаму Лукашэнка ігнаруе памерлых творцаў

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)